null

Першага сакавіка – адмысловы дзень. З раніцы расплюшчваеш вочы і прачынаешся ў вясне. У гэты дзень шукаеш яе прыкметы ва ўсім. Табе здаецца, што снег выглядае рыхлавата-вільготным, што ў паветры ўжо можна адчуць легкі подых першацветаў, а стрэчныя людзі сталі цепла табе ўсміхацца. Прыйшла вясна.

Толькі вось зноў вецер ўдарыў у вочы, зноў замяло снегам дарогу да працы... Не, сапраўдная вясна яшчэ далёка. Нашы мудрыя продкі разумелі, што вясну варта паклікаць. Гуканне пачуе Ляля – прыгожая дзяўчына, багіня вясны – і прыспешыць хаду да стомленых ад зімы людзей. А давайце гукаць вясну! А давайце танцаваць і весяліцца! Варта сказаць сабе так – і добры настрой ўжо гарантаваны.

2 сакавіка вучні і настаўнікі гімназіі №3 сабраліся на фолк-вечарыну. Абуджэнне вясны патрабуе зладжаных і шумных дзеянняў. І пачалося ўсё з гукання. «Прыходзь, вясна!» – радасна і гучна крычалі гімназісты і іх выкладчыкі. Асновай вечара стала танцавальная праграма. І калі вы думаеце, што беларусам няма чаго паказаць у гэтым майстэрстве ў параўнанні, скажам, з ірландцамі, дык вы моцна памыляецеся. 12 танцаў у праграме – гэта вам не дробязі. Харэограф гімназіі Ганна Віктараўна Селязнева перакананая, што народныя танцы абавязкова прынясуць вам многа пазітыву. Яны легкія, іх пад сілу развучыць усім. Ёсць танцы на знаемтва – «ойра». Есць парныя танцы – «лявоніха», «кракавяк», «падыспань». Вельмі прыгожа і весела скачуцца таксама танцы ў колах – «вянгерка», «млын», «грачанікі». Галантныя кавалеры-гімназісты ў такія моманты проста нарасхват. І яны, як высакародныя шляхціцы, гатовыя былі танцаваць яшчэ і яшчэ, бо дзяўчаты могуць засумаваць, седзячы ў адзіноце.

Вечарына атрымалася б аднастайнай, калі б у ёй не было гульняў, парных, смешных, рухомых. «Мяцеліца», «дзяркач», «таўкачыкі». Аб’яўляецца чарговая гульня, і хтосьці з дзяўчат радасна пляскае ў далоні: «Цяцерка» – мая любімая!» «Я цяцерку пасу, ды ух я! На зяленым лугу, ды ух я!..» Пад гэтыя словы вядзе хлопец дзяўчыну паўз шэрагі гульцоў, а потым можа і згубіць, бо яе задача – вырвацца ад яго і ўцячы.

Стаміліся? Робім перапынак на спевы. Чаму б не паспяваць народныя і

аўтарскія беларускія песні? Вяселая – «Ехаў Ясь на кані», лірычная – «Ружа кветка», хуліганская – «Ад панядзелка да панядзелка».

А да спеваў дарэчы будуць пірагі, у якіх можна знайсці манетку на шчасце, што абавязкова чакае вас гэтай вясной. І зноў танцы, і зноў гульні, і зноў спевы… Танцуюць ужо ўсе! «Аб’явіце наступны танец для нас!» – патрабуюць настаўнікі.

Вельмі добра, калі вам пашчасціла знайсці фанаграмы пад усе вашы забавы. Але паверце, што для жывых танцаў важная і «жывая» музыка. Ох, як заводзіла аўдыторыю наш акампаніятар Ларыса Васілеўна Аўсянік! А яе акардэону дапамагаў цэлы настаўніцкі аркестр з бубнамі і барабанамі.

На жаль, тры гадзіны пралятаюць. Стомленыя і змакрэлыя гімназісты выбіраюць Князя і Князеўну вечарыны. Адзінаццацікласнікі Каця Шчыгельская і Дзяніс Калінін танцуюць вальс «Колькі ў небе зор». Да іх далучаюцца іншыя пары.

Нашы продкі лічылі, што гуканне вясны не можа адбыцца без каляровых стужак. Яны – сімвал будучага багатага ўраджаю. І яшчэ яны выконваюць жаданні. Варта толькі павязаць іх на жывое дрэўца і моцна-моцна чагосьці захацець. Жывыя раслінныя сілы абавязкова паспрыяюць ягонаму выкананню. Не ведаем, што іменна загадвалі нашы вучні вечарам 2 сакавіка – закахацца, здаць паспяхова іспыты і паступіць, атрымаць новы мабільнік у падарунак, стаць багатым… Толькі мы, настаўнікі, упэўненыя, што ўсе іх добрыя пажаданні абавязкова збудуцца. Мы і самі завязалі некалькі стужак. На вясну. На шчасце.

Вольга РУДАЯ, выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі №3 г. Бабруйска

null null null null null null null null null null null