Ужо амаль 30 гадоў гэтая вёска стаіць пустая. Але для тых, хто тут нарадзіўся, яна ўсё яшчэ жыве. Адзіная ўцалелая хата, зарослыя сцежкі і ўспаміны пра жыццё, якое бурліла калісьці...
Вёску Уюнішча Глускага раёна мы наведалі ў пачатку снежня 2025 года. Населены пункт усё яшчэ ёсць на мапе, аднак тут ужо даўно ніхто не жыве.
Уюнішча знаходзіцца прыкладна ў 13-ці кіламетрах ад Глуска – калі ехаць ад бабруйскай трасы на Зелянковічы, на адным з паваротаў трэба павярнуць налева. Да былой вёскі і сёння вядзе даволі добрая грунтоўка, відаць, што ёй актыўна карыстаюцца кіроўцы.
У пачатку ХХ стагоддзя у вёсцы пражывала амаль 250 чалавек, і была яна больш за кіламетр у даўжыню.
Чаму так сталася, што вёска знікла? На тое былі свае прычыны. Па-першае (і, напэўна, гэта галоўнае), яна знаходзіцца ў гушчары лесу, далёка ад іншых вёсак і шляхоў.
Доўгі час праз сацсеткі я спрабавала знайсці кагосьці з ураджэнцаў ці былых жыхароў Уюнішча, але ніяк не атрымоўвалася. А вось калі ў Тэлеграм-акаўнце myastechka_glusk выйшаў ролік, прысвечаны гэтай вёсцы, людзі адгукнуліся. І якія цікавыя гісторыі расказалі!.. «Вяскоўцы бралі выключна баравікі»

Спачатку адгукнулася бабруйчанка Любоў Дземская (у дзявоцтве Сахар), якой зараз 73 гады. Любоў Фёдараўна нарадзілася ва Уюнішчы і да 10 гадоў там жыла. А калі скончыла 4 класы ў суседняй Крукаўшчыне (за 3 кіламетры), паехала вучыцца далей у глускую школу і жыла ў старэйшай сястры (а ўсяго ў сям’і Сахар было сямёра дзяцей).
– Бліжэйшая сярэдняя школа была ў Засценку Усцярхі за сем кіламетраў ад Уюнішча, – кажа Любоў Фёдараўна, – і хадзіць туды трэба было пешшу кожны дзень у любое надвор’е. Ды малым дзецям! Мы ў Крукаўшчыну хадзілі зімой па сумётах – дарогу ніхто ж не чысціў. Пастроімся ў ланцужок і ідзём адзін за адным. А ўзімку раніцай цёмна... Старэйшыя хлопцы бралі металічную бляшанку з-пад кансервы, прымацоўвалі да палкі, наразалі ў яе рызіну, падпальвалі і так асвячалі наш шлях да школы. Я цяпер думаю: у вёсцы была калгасная ферма, былі і коні там. Чаму не запрагалі іх у сані ды не вазілі дзетак малых да школы? Не разумею. Вось таму ў сярэднюю школу мама і адправіла мяне ў Глуск, да сястры. Я і вучылася, і пляменнікаў гадаваць дапамагала.
У той час, на пачатку 1960-х, у вёсцы было 20 двароў, і толькі 7 сямей поўныя і з дзецьмі (і дзяцей у сем’ях было пяць, шэсць, сем, не менш), астатнія – адзінокія жанчыны: хто з дзецьмі, хто ўжо ва ўзросце. Магазіна ў вёсцы не было. Аўтобусы сюды не заходзілі. Каб трапіць у Глуск, людзі ішлі ў Засценак, а адтуль ужо ехалі ў райцэнтр.

– Да вайны наша вёска была вялікая, – працягвае Любоў Дземская. – У 40-м годзе тут налічвалася 48 двароў. Падчас вайны ўсе хаты спалілі карнікі. Пасля вызвалення хтосьці адбудаваўся, а хтосьці проста з’ехаў з родных мясцін. А мясціны тут вельмі прыгожыя. Побач лес, багаты на грыбы і ягады ўсялякія. Вяскоўцы бралі выключна баравікі – іх было шмат, таму ў іншых патрэбы і не было. Які год не ведалі, куды й падзець – не спраўляліся іх сушыць на печы! Па вёсцы тады ездзіў нарыхтоўшчык з Глуска, яўрэй Кацман, вось яму і здавалі, а ад яго атрымлівалі нейкія тавары: кавалак матэрыялу, хусткі ды штосьці яшчэ.
Пакуль бацькі маладыя былі і мы малыя – жылі ў вёсцы. А як дзеці раз’ехаліся, дык дзесьці ў пачатку 90-х мы ўгаварылі бацькоў пераехаць бліжэй да цывілізацыі – у Глуск. Бо нават, каб вызваць хуткую дапамогу, трэба было ісці ў Засценак Усцярхі. Купілі ім хату недалёка ад сястры. І людзі з вёскі пачалі хутка з’язджаць хто куды.
У 1996 годзе, па дадзеных кнігі «Памяць. Глускі раён», ва Ўюнішчы заставаліся толькі тры жыхары. Гадоў з дзесяць назад старыя кінутыя хаты бульдозерам зруйнавалі, і зараз нават і не разабраць, дзе былі сядзібы – усюды поле.
– Ужо шмат гадоў я не жыву ва Уюнішчы, – кажа Любоў Фёдараўна, – і да бацькоў мы ездзілі апошнім часам у Глуск, а ў снах бачу толькі родную вёску. Занавескі на вокнах, людзей каля хат, нашу шырокую вуліцу…
Водар роднай хаты
Пры ўездзе ў вёску ёсць шыльда з яе назвай – да гэтай пары не прыбралі. Можа, таму, што тут усё яшчэ стаіць адзіная ўцалелая хата.

Мы падышлі да гэтай пабудовы. Відаць, што пра падворак клапоцяцца, тут абкошаная трава, дзверы і нават вокны абароненыя ад злодзеяў. Праз шыбу відаць, што ў пакоі каля печы ляжаць дровы, нешта стаіць на стале. Электрычныя правады на рагу будынка абрэзаныя. Побач – закінуты калодзеж, але на яго дне ёсць вада. У той момант падумалася: «Вось бы знайсці гаспадароў, распытаць пра лёс іх сям’і і хаты». І што вы думаеце? Гаспадар знайшоўся! Галіне Міначавай (у дзявоцтве Ананіч) зараз 73 гады.

– Мой дзядуля з сям’ёй да вайны жыў на хутары Лучкі, што ў пяці кіламетрах ад Ўюнішча, – расказвае Галіна Мікалаеўна. – Дзед быў ляснічым, ведаў лес вельмі добра. А ў вайну гэтыя лясы ператварыліся ў партызанскую зону. Дзед не расказаў немцам, як знайсці партызан – і яго забілі, а хату спалілі. Вось і пайшлі дзеці ва Уюнішча – зімою, босымі нагамі па снезе, бо нічога з хаты ўзяць не змаглі… Так наша сям’я і апынулася ва Уюнішчы. Пасля вайны ўсім, чые хаты спалілі карнікі, дзяржава дала лес, і брыгады будаўнікоў бясплатна адбудоўвалі хаты, у тым ліку і вось гэтую, нашу. Потым яшчэ бацькі самі прыбудоўвалі нешта да яе, каб больш месца было, бо дзяцей жа ў сям’і шмат – сямёра. А як толькі расшырылі, дык і дзеці выраслі ды раз’ехаліся…

Галіна Мікалаеўна расказвае, што ў дзяцінстве па школьнаму заданню запісвала ўспаміны старажылаў вёскі. Дагэтуль, канешне ж, шмат чаго забылася, а нешта і помніцца. Напрыклад, жыхар Уюнішча дзед Андрэй расказваў, як вёска заможна жыла яшчэ да калектывізацыі, як людзі адзін аднаму заўсёды дапамагалі, дзяліліся насеннем, ежаю, разам працавалі адной грамадой, разам святкавалі вяселлі, праводзілі хлопцаў у армію... Карацей кажучы, жылі дружна. А жанчыны якія пявунні галасістыя былі ды яшчэ на розных музыкальных інструментах ігралі. Пасля вайны прыязджалі, запісвалі, як спявалі Еўдакія, Ліда Сахар і Антаніна Немец, і потым той запіс быў на пласцінцы.
– Наша хата захавалася таму, што пасле смерці мамы мы аформілі спадчыну, – кажа жанчына. – Раней, калі быў жывы мой муж, ездзілі ў вёску часта, а зараз – як атрымліваецца. Але два-тры разы на год дакладна бываем. Апошні раз былі ў кастрычніку (2025 года – заўв. аўт.). На могілках прыбіраем: выразаем хмызняк і каля сваіх родных, і нават каля чужых, да каго ніхто не прыязджае. Вырашылі захаваць сваю родную хату як успамін пра дзяцінства, пра бацькоў. Прыедзем, зойдзем… Тут, як цяпер кажуць, маё месца сілы. Як добра адчуць водар роднай хаты! Цяпер іншых будынкаў у вёсцы ўжо няма, дык усе, хто на Радаўніцу прыязджае ва Уюнішча, ідуць да нас. Пасярод двара вогнішча развядзём, чай зробім ды сядзім, успамінаем наша ранейшае жыццё. І ў нас ёсць месца, дзе сабрацца, куды прытуліцца… А не было б хаты нашай, то, упэўнена, не было б ужо і знаку, што тут калісьці жылі людзі.
– Пакуль я жыву, бацькоўская хата будзе стаяць, – подсумоўвае Галіна Міначава.
«Было столькі ўюноў – кашамі насілі»

Побач з домам Галіны Мікалаеўны, праз дарогу, захавалася яшчэ адна хатка. Ёй пашчасціла менш. Падворак зарос хмызняком, а ўнутры ўжо папрацавалі нядобрасумленныя людзі: разбураная печ, і цэглін з яе засталося мала. Нават бэлькі на столі спілаваныя, і іх няма. Відаць, што тут даўно не было людзей. Мае субяседніцы называлі прозвішча сям’і, каму належала гэта хата, і ўдалося знайсці яе апошнюю гаспадыню. Гэта Алена Пархімовіч (у дзявоцтве Немец). Менавіта яна падзялілася вялікай колькасцю старых сямейных фотаздымкаў.

– Мой дзед, Мікалай Васільевіч Немец, быў родам з Уюнішча, – расказвае Алена Іванаўна. – Мы з братам выраслі ў вёсцы – тата і мама прывозілі нас з Рэдкага Рогу Бабруйскага раёну, дзе мы жылі тады, на ўсе канікулы ва Уюнішча. І так нам падабалася! Нават шмат вясковай працы нас не пужала, рабілі мы яе з задавальненнем: і на ферме дапамагалі дзеду з бабуляй, і дома па гаспадарцы.

Я з бабуляй, Антанінай Палікарпаўнай, хадзіла лён рваць. А колькі кілаграмаў грыбоў ды ягад за дзяцінства з лесу прынеслі, дык і не палічыш! На рэчку Бежыцу бегалі рыбу лавіць. Там было столькі ўюноў – кашамі насілі. І смажылі іх, і сушылі… Назва нашай вёскі, хутчэй за ўсё, паходзіць ад назвы гэтай рыбы – уюн. Некалькі гадоў назад мы спрабавалі па лясной дарозе дайсці і знайсці Бежыцу, але не атрымалася. Відаць, яна вельмі зарасла, бо ніхто даўно да яе не ходзіць.

Калі бабулі і дзядулі Алены Іванаўны не стала, з вясны па восень ва Уюнішча сталі прыязджаць яе бацькі-пенсіянеры – Іван Мікалаевіч і Зоя Ніканораўна. Прывозілі з сабою з Рэдкага Рогу гаспадарку: курэй, гусей і нават кабылка сваім ходам прыйшла сюды. Жылі ў вёсцы дачны сезон, садзілі агарод, а потым вярталіся на зіму дадому. Так і дзеці Алены Іванаўны ва Уюнішчы гадаваліся і таксама палюбілі вёску сваіх прадзедаў.

– Калі ў вёсцы не засталося сталых жыхароў, – працягвае расказ Алена Іванаўна, – то пры замене электрычных стаўбоў іх паставілі не па вуліцы, а вакол Уюнішча. Канешне, без свету цяжка жыць сучаснаму чалавеку. І па гэтай прычыне мае бацькі перасталі прыязджаць на дачны сезон сюды, а так бы яшчэ доўга ездзілі. Можа, таму і хату нашу мы так пакінулі… Дарэчы, быў у вёсцы выпадак: скралі добрую, крэпкую хату нашых суседзяў. Восенню яшчэ стаяла, а вясной прыехалі – і следу няма. У сельсавеце толькі развялі рукамі, маўляў, дзе цяпер знойдзеш, калі будынак па бярвеннях разабралі ды звезлі.
А некалькі гадоў назад Алена Іванаўна і яе сяброўка Таццяна Ананіч (сястра Галіны Мікалаеўны) устроілі для сябе, можна сказаць, выпрабаванне (а можа, і адпачынак) – прыехалі і тыдзень жылі ва Ўюнішчы, у доме Ананічаў, без свету, газу, тэлефону і інтэрнэту.

– Ой, як нам добра было там! – кажа Алена Іванаўна. – Ваду бралі ў калодзежы, ён тады яшчэ быў у рабочым стане, цэлы, не зламаны. Свяцілі сабе газавай лямпай. Ежу гатавалі ў печы або на вогнішчы на двары. У лесе шчаўя назбіралі – варылі суп, грыбоў назбіралі – падсмажылі і суп зварылі. Тэлефоны з сабой, канешне, былі (трэба ж было пазваніць, каб нас забралі з вёскі), але мы іх выключылі, падсілкаваць жа няма дзе, калі зарадка скончыцца. Мы хадзілі ў лес, а вечарамі (і нават ноччу) гулялі па вёсцы, потым доўга сядзелі каля вогнішча, размаўлялі, успаміналі наша дзяцінства. Насалоджваліся цішынёй і спакоем. Праўда, філін кугукаў і парушаў нашу цішыню. Мы падыходзілі да старога дрэва, дзе ён сядзеў, і выгаворвалі яму, што спаць перашкаджае. Вы не ўяўляеце, які гэта быў цудоўны час! Але ягады маглі сапсавацца, таму прыйшлося ехаць дадому ў Бабруйск. Дарэчы, Павел Ананіч, ён быў паляўнічы, рыбалоў, адзін час жыў у вёсцы нават зімою. Прыедзе, пажыве, пакуль харчы не скончацца, і – дамоў у Бабруйск.

... Але кожны год на некалькі дзён вёска Уюнішча ўсё ж ажывае і напаўняецца гоманам галасоў. Гэта яе ўраджэнцы збіраюцца разам: на Радаўніцу прыязджаюць на радзіму і ідуць на вясковыя могілкі да сваіх продкаў. А пасля ўсе спяшаюцца к адзінай хаце і тут ужо даюць волю эмоцыям: успаміны, размовы, радасць ад сустрэчы…

Падчас вайны вакол Уюнішча ў лесе былі партызанскія атрады. За тое, што жыхары адмовіліся выдаваць іх месцазнаходжанне, 15 снежня 1943 года нацысты поўнасцю спалілі вёску. З 48 хат не ўцалела ні адна. Загінулі 23 жыхары з даваенных 192-х. На вясковых могілках ёсць пахаванне – брацкая магіла. Там ляжыць 21 партызан 37-й брыгады імя Пархоменкі. (17 імён вядомыя, а 4 – не).
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара і з архіву гераінь.