Усцярхі – невялікая вёска ў Глускім раёне. Мы адправіліся туды, каб убачыць усё на ўласныя вочы і пагаварыць з мясцовымі жыхаркамі – Марыяй Пятроўнай Зубрыцкай і Галінай Іванаўнай Сысой. Іх успаміны і расказы дапамаглі нам адчуць, чым жыве гэтая вёска і што яна захавала да сёння. Сёння – другая частка нашага апавядання.
Раней апублікаваная частка 1.
Даваенны час
Як і ў амаль кожным беларускім сяле ва Усцярхах у 1920-я – 1930-я гады пражывала шмат людзей. Напрыклад, у 1926 годзе тут было 40 двароў і 350 чалавек. У 1930-я ў вёсцы дзейнічаў калгас «Чырвоны волат”, у які ўвайшлі 75 гаспадарак. У 1937 годзе для патрэб сялян і калгаса працаваў паравы млын. Была свая пачатковая школа.
«Валодзя перадаваў звесткі аб немцах у партызанскі атрад»
Бацька Галіны Іванаўны, Іван Лявонцявіч Гулевіч (1923 г. н.) быў родам з Усцярхоў, а маці – Зінаіда Уладзіміраўна (Тычына ў дзявоцтве), родам з Крукаўшчыны.

– Мой тата скончыў сямігодку і паехаў у Мінск працаваць на будоўлі Мінскага аўтазавода, – распавядае Галіна Іванаўна. – Паспеў зусім мала адпрацаваць і пачалася вайна. Першыя дні, як вораг наступаў былі вельмі страшныя для ўсіх – Мінск вельмі моцна бамбілі варожыя самалёты. Тут ужо не да працы было. Тата пайшоў пешшу дамоў. Менш за 200 кіламетраў ён ішоў целы тыдзень! Вёска да таго часу ужо была акупаваная. Маладому хлопцу ў такім выпадку быў толькі адзін шлях – змагацца з ворагам у партызанскім атрадзе.
Ён пайшоў у атрад Шваякова, што размяшчаўся ў лесе паміж Крукаўшчынай, Казловічамі і Нязнаннем. У атрад падаўся і мой дзядуля Лявонцій Рыгоравіч. Яму на той час было 56 гадоў. Дарэчы, у іх з жонкай, Фёклай Рыгораўнай, было 6 дзяцей. Старэйшы брат таты Нікіфар, 1916 года нараджэння, быў ветурачом і, як пачалася вайна, яго прызвалі на фронт, служыў у медчастцы. Брат Сямён (1918 г. н.) яшчэ да вайны паехаў вучыцца ў Таганрог і адтуль яго таксама забралі на фронт. Ён знік без звестак, дзесьці загінуў – пра яго ніякіх звестак больш не было. Брат Андрэй (1920 г. н.) у верасні 1941 года трапіў у палон і быў канцлагеры ў Германіі ў зямлі Ніжняя Саксонія, дзе і загінуў у 1944 годзе. Самы малодшы брат – Уладзімір (1930 г. н.).

Сястра Вольга (1927 г. н.) адзіная дзяўчынка ў сям’і. Вельмі прыгожая была. Родныя сёстры дзядулі Лявонція Ганна і Вера жылі ў Бабруйску. Каб дапамагчы брату гадаваць дзяцей, яны яшчэ да вайны забралі дзяўчынку ў горад. Канешне ж, і прыбіралі яе па гарадскому – калі вярнулася ў вёску дык была ў моднай спаднічцы, у блузцы-матросцы, у берэціку.
Як пачалася вайна гэтая прыгажуня таксама пайшла ў партызанскі атрад. У вёсцы на гаспадарцы засталася толькі бабуля Фёкла і малодшы 11-гадовы Валодзя. Бабуля дапамагала партызанам з харчаваннем, а Валодзя перадаваў звесткі аб немцах у партызанскі атрад. Бегае, гуляе, палічыць немцаў або іх тэхніку, ды й даложыць партызанам. Аднойчы і ён чуць не трапіў у лапы ворага. Супынілі яго да пытаюць: «Чый ты?». Калі б сказаў чый, адразу зразумелі б, што з партызанскай сям’і. Але жанчына, што жыла на краі вёскі, Параска, сказала, што гэта яе сынок і Валодзю адпусцілі. Выратавала.

«І яблыні стаялі прастрэленыя навылёт»
Тата расказваў пра адзін трагічны выпадак. Гэта было ў лістападзе, ужо і снегам зямлю прыцерушыла. Вольга з жанчынай, Назарыхай, з атраду пайшлі ў Чыкілі за харчамі. А ў вёсцы Старое Сяло было шмат паліцаяў. Вось яны па слядах і прасачылі за партызанкамі. Пачалі страляць. Назарыха кінулася ў бок, а ў Вольгу трапіла куля – прама ў сэрца. Дзед Лявонцій чакаў дачку ў лесе і, калі пачуў стрэлы, зразумеў, што здарылася бяда. Пабег на гукі стрэлаў. У той час і паліцаі падышлі, перавярнулі забітае дзяўчо і самі аж жахнуліся, што такую маладую ды прыгожую забілі. Дзед з крыкам падбег да дачкі: «А што ж вы нарабілі!”. Паліцаі моцна збілі дзеда прыкладамі. Праз некалькі тыдняў ён памёр…

Вольга пахаваная ў Чыкілях, зараз яе магіла – гэта воінскае пахаванне, якое ахоўваецца дзяржаваю.
У вайну ў сям’і маці Галіны Іванаўны таксама здарылася трагедыя. Дзед, Уладзімір Мікалаевіч Тычына, быў добрым кавалём. І, канешне, партызаны звярталіся да яго па дапамогу тое-сёе зрабіць, падрамантаваць.
– Бабуля расказвала, што партызаны правозілі дзеду зброю для рамонту, – успамінае Галіна Іванаўна. – Зачынялі дзеда ў майстэрні на замок, бабулі прыходзілася яму нават ежу праз вакно падаваць. А потым адзін з вяскоўцаў далажыў пра гэта немцам і дзеда расстралялі.
Быў і іншы выпадак. Той самы чалавек (прозвішча вядомае, але не будзем называць) у Крукаўшчыне перадаў партызанам, што вяскоўцу ідуць лісты з Амерыкі ад брата, які з’ехаў туды яшчэ да рэвалюцыі. Лісты з Амерыкі – значыць шпіён. Прыйшлі партызаны атрада Шваякова, абшукалі хату, знайшлі амерыканскія лісты, забралі ўсю сям’ю ў лес і там расстралялі.
Падчас вайны мама Галіны Іванаўны працавала ў Бабруйску на фабрыцы «Красный пищевик». Неяк трэба было выжываць, вось і пайшла маладая дзяўчына на фабрыку. Да таго ж у горадзе было дзе жыць – у родзічаў.
– Мама расказвала, што першым часам шмат цукерак елі, – успамінае Галіна Іванаўна. – А потым ужо і глядзець на іх не маглі. У двары прадпрыемства саджалі цыбулю і летам елі зялёнае пер’е з хлебам і селядцом. Сяляне з розных вёсак неслі і здавалі за грошы на вытворчасць ягады: журавіны, брусніцы.
Былі ў партызанскіх атрадах і іншыя жыхары Усцярхоў, у тым ліку і жанчыны.

– Напрыклад, Вольга Кірылаўна Зубрыцкая, – распавядае Марыя Пятроўна, – таксама была ў партызанах. Яна працавала там па гаспадарцы – даіла карову. Можа тое, што яна рабіла і не адносіцца да гераічных учынкаў, але і гэта мела вялікае значэнне для атрада ў той час. Вольга Кірылаўна расказвала, што зімою нейкі час давялося хадзіць басанож. Калі камандзір заўважыў у сябе ў атрадзе басаногага байца, то даў загад зрабіць дзяўчыне самаробны абутак.
У кнізе «Памяць Глускі раён» напісана, што ва Усцярхах падчас вайны было спалена 37 жыхароў. Марыя Пятроўна, аспрэчвае гэты факт.
– Мая свякруха казала, што ў вайну ў вёсцы на хатах жылі немцы, – распавядае субяседніца. – І ў іх хаце жылі таксама. Вяскоўцаў, канешне, выправаджвалі ў хлеў або ў стопку жыць. Яшчэ адна важная акалічнасць: наўкол вёскі ў лясах за Крукаўшчынай былі партызанскія атрады. Немцы абавязкова выстаўлялі варту каля нашай вёскі – баяліся. А за ўвесь час акупацыі згарэла толькі адна хата ў 1944 годзе, калі вораг ужо адступаў пад націскам нашай арміі.
Вяскоўцы кажуць, што ўжо пасля вайны, калі капалі бульбу знаходзілі шмат напамінаў пра вайну: гільзы, кускі снарадаў. І яблыні стаялі прастрэленыя навылёт.
Працяг будзе.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара.