З Бабруйскім краязнаўчым музеем сярэдняя школа № 24 г. Бабруйска плённа працуе ўжо некалькі год. Неабыякавыя педагогі цікавяцца гісторыяй і культурай краю, а мерапрыемствы, прапанаваныя музеем, заўсёды вызначаюцца высокім узроўнем. Таму новая культурна-адукацыйная праграма музея «Дай руку, дружа!» прыйшлася вельмі дарэчы.

З верасня 2014 года вучні 5 «В» класа, класным кіраўніком якога я з'яўляюся, пачалі знаёміцца з беларускай культурай і побытам. Спачатку гэта былі ўводныя тэматычныя экскурсіі і музейныя заняткі з агульнымі звесткамі аб жыцці беларускага селяніна. Потым – больш глыбокае вывучэнне інфармацыі пра хлеб, народны касцюм, лялькі-абярэгі, батлеечны тэатр, народныя святы і абрады. Цікавымі для вучняў былі не толькі тэмы заняткаў, але – і ў большай ступені – тое, як займальна яны былі праведзены, за што асобны дзякуй супрацоўнікам музея Святлане Сяргееўне Філімонавай, Іне Вячаславаўне Аўсейчык, Ларысе Уладзіміраўне Цімашэнка. Бо калі напачатку нашай сумеснай працы некаторыя з вучняў яшчэ маглі панудзіцца «мы тут ужо былі», дык пасля двух-трох мерапрыемстваў рабяты ўжо чакалі новай сустрэчы з музеем, цікавіліся тэмай наступных заняткаў! Ды і як іначай. Чаго, напрыклад, варта фальклорна-анімацыйная праграма «Прыехала Каляда на белым кані». Спачатку ў лекцыйнай зале музея вучні атрымалі ўяўленне аб народным свяце пры дапамозе відэапрэзентацыі пра калядкі, потым хлопчыкі і дзяўчынкі пераапрануліся ў адпаведныя касцюмы і з захапленнем пакалядавалі ў этнаграфічнай зале музея. Вадзілі Казу, насілі Калядную зорку, варажылі з цыганкамі – усё, як павінна быць. Як водзіцца на Каляды, не абыйшлося і без пачастункаў. А вясной мы дружна гукалі вясну, «пяклі» з паперы птушачак і вадзілі карагоды. На майстар-класе па ляльках-абярэгах круцілі лялькі-мотанкі. Увогуле, шмат яшчэ чаго іншага – незнаёмага і нават таямнічага – адбылося з намі за цэлы год сумеснай з музеем працы на серыі заняткаў па беларускай культуры і гісторыі «Нам продкамі мудрасць народа завешчана».
З верасня 2015 года мы прадоўжылі наша супрацоўніцтва на занятках праграмы «Дай руку, дружа!». З непадробнай цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся з такім распаўсюджаным у пачатку мінулага стагоддзя і такім экзатычным у наш час яўрэйскім побытам, праводзілі дэгустацыю страў яўрэйскай кухні, хадзілі ў сінагогу, глядзелі батлеечную сцэнку «Лейба и Сора». А наперадзе нас яшчэ чакае музейная анімацыя «Когда Бобруйск был королевским», экскурсія ў касцёл і многае іншае – цікавае і таямнічае. Вялікi дзякуй творчым і таленавітым супрацоўнікам музея, якія ўмеюць у цікавай для цяперашніх «прадвінутых» школьнікаў форме данесці веды па гісторыі і культуры роднага краю.
Ганна ЖОГЛА, настаўнік гісторыі СШ № 24