Велікоднае пасланне каталікам Бабруйска пробашча касцёла Безаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ксяндза Андрэя Таўрука.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя бабруйчане і ўсе людзі добрай волі!

Хрыстос Уваскрос! Гэтыя словы не проста як прывітанне, а як галоўная вестка ў жыцці чалавека.

Вялікдзень – гэта перамога святла над цемрай, жыцця над смерцю, любові над нянавісцю. У гэты дзень мы ўспамінаем, што Гасподзь, прайшоўшы праз пакуты і крыж, знішчыў сілу смерці. Ён паказаў нам, што няма такога смутку, які б не асвяціла Ягоная любоў.

Часта ў жыцці сустракаемся з цяжкасцямі, слязамі, стратамі. Здаецца, што вось яна – пятніца, і зямля дрыжыць ад болю. Але Вялікдзень нагадвае нам: пасля пятніцы заўсёды прыходзіць нядзеля. Не бойцеся цемры, бо Хрыстос ужо асвяціў яе святлом Свайго Уваскрасення.

Я хачу пажадаць вам, каб радасць гэтага дня заставалася з вамі не толькі на тыдзень, але на ўсё жыццё. Няхай у вашых душах пануе супакой, у дамах – дабрабыт, а ў сем’ях – згода.

Няхай Уваскрослы Хрыстос блаславіць усе вашы добрыя учынкі, асвяціць вашыя штодзённыя клопаты і напоўніць сэрцы светлай надзеяй. Прабачайце адзін аднаму крыўды, як і Хрыстос дараваў нам.

Віншую вас са святлом Хрыстовага Уваскрасення!

Няхай Божае благаславенне будзе з вамі сёння і заўсёды.

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Пробашч касцёла Безаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Андрэй Таўрук. Фота: Аляксандр Чугуеў.

Расклад святочных набажэнстваў і асвячэння страваў у касцёле

Вялікі чацвер

  • 19:00 –св. Імша Вячэры Пана.

Вялікая пятніца

  • 18:30 – Крыжовы шлях
  • 19:00 – Літургія Вялікай пятніцы

Вялікая субота

  • 10:00, 12:00 – асвячэнне страваў на велікодны стол
  • 20:00 - св. Пасхальная Вігілія (пасля – асвячэнне страваў на велікодны стол)

Велікодная Нядзеля Уваскрасення Пана

  • 7:00 Св. Імша з Рэзурэкцыйнай працэсіяй (пасля – асвячэнне страваў на велікодны стол)

Таксама на сайце:

У бабруйскім касцёле адзначылі Вербную-Пальмовую нядзелю: фотафакт.

Бабруйскі касцёл просіць дапамогі