20 лютага ксёндз-канонік Андрэй Яркавец адзначае 51-ы год свайго нараджэння. З іх 10 год – з 2014-га па 2024-ы – ён быў пробашчам бабруйскага касцёлу Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Нарадзіўся будучы ксёндз у 1975 годзе ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна. У мінулым 2025-м годзе справіў і малы юбілей свайго служэння – 25 год.
Зараз Андрэй Яркавец служыць у вёсцы Багданава Валожынскага раёну.
– Вось якраз цяпер наведваю парафіянаў. Хрышчэнні, пахаванні, прычашчэнні – звычайнае жыццё вясковага прыходу, – кажа ксёндз Андрэй. – Гэткая зіма спраўдзіла нам сістэмы ацяплення касцёла і каплічкі – яны справіліся не зусім, зіма паказала слабыя мясцы. Дарэчы, кажуць, Бабруйск – зноў сталіца холаду, глядзеў паказчыкі, дык мы ў Багданаве можам пацягацца.
– А адпачынкі бяру кароткія, бо працы шмат, – дадае імяніннік. – Мары на вялікі адпачынак ёсць, але пакуль галоўнае – праца і здароўе, за якім трэба сачыць і своечасова падмацоўваць. З пацяпленнем чакаем актыўнасці жыцця ў розных сэнсах. За мінулы год нам падлаталі дарогу, заасфальтавалі – мо паедуць турысты, бо зусім блізка Гальшаны, Баруны. Летась даехаў да нас раварыст аж з Гомелю. Я яму стаў расказваць пра Станіслава Шабунеўскага, былога гомельскага галоўнага архітэктара, які родам з Бабруйску і аўтар нашага бабруйскага касцёлу, а турыст быў у курсе, прыемна.
Заязджаў і я ў Бабруйск, хоць і зусім на трошкі. Бачыў, што будынку АТС насупраць касцёла ўжо няма... Людзі спадзяюцца, што вокны новай пабудовы (на гэтым месцы плануюць пабудавать новы будынак суда – заўв. рэд.) будуць выходзіць на цяперашні, так бы мовіць, фасад касцёлу, і гэта дапаможа прыспешыць справу вяртання ягонага роднага выгляду.
Дарэчы, заязджаў у Багданава Аляксандр Аляксеевіч Румак, упаўнаважаны па справах рэлігій – мы з ім пагаварылі і пра Бабруйск, дык ён сказаў, што просіць абласны выканкам паспрыяць хутчэйшаму аднаўленню гістарычнага выгляду касцёла. Гэта ж такая была прыгажосць! У мяне яшчэ засталіся кубачкі з выявай арыгінальнага выгляду касцёла – цёпла ад іх. І часам дару добрым людзям.
– Бабруйск для мяне назаўсёды родны, – падагульняе Андрэй Яркавец, – і не толькі таму, што я праслужыў тут дзесяць год. Я адчуваю сакральную сувязь, бо бабруйскі касцёл Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі называаецца гэтак жа, як і мой першы храм ва Удзела...
Запісаў Дзяніс НОСАЎ