Усцярхі – невялікая вёска ў Глускім раёне. Мы адправіліся туды, каб убачыць усё на ўласныя вочы і пагаварыць з мясцовымі жыхаркамі – Марыяй Пятроўнай Зубрыцкай і Галінай Іванаўнай Сысой. Іх успаміны і расказы дапамаглі нам адчуць, чым жыве гэтая вёска і што яна захавала да сёння. Сёння – трэцяя, апошняя, частка нашага апавядання.

Раней апублікаваная частка 1, частка 2

«Пешшу дзень ішлі да Бабруйска, і дзень назад»

Пажаніліся бацькі Галіны Іванаўны Сысой пасля вайны ў 1946 годзе. Пражылі разам амаль 60 гадоў! А вось як святкавалі іх вяселле.

– Мама расказвала, што наш тата запрог каня, – успамінае Галіна Іванаўна. – На дугу навешалі стужак рознага колеру. На воз сеў жаніх, яго бацькі, сваты і паехалі ў Крукаўшчыну па нявесту. Забраў жаніх маладую і прывёз у старую хату.

Мае субяседніцы кажуць, што хоць пасля вайны і быў вельмі цяжкі час, але жыццё працягвалася: будаваліся хаты, нараджаліся дзеткі – у сем’ях не менш, як па трое было. Бацька Галіны Іванаўны адвучыўся на сталяра і рабіў добрыя рамы, слаў падлогу, рабіў дзверы.

Кастрычнік 2025 г. Дом, які будаваў бацька Галіны Іванаўны Сысой.

– Нашу хату, якая і па сённяшні дзень стаіць, таксама ён адбудаваў у 1958 годзе, – кажа Галіна Іванаўна. – Усе людзі ў вёсцы працавалі, ніхто не быў лайдаком. У тым ліку і дзеці з маленства працавалі па меры сваіх магчымасцей. Напрыклад, мы ў 5 класе каля Крукаўшчыны палолі лес.

– Мая свякруха расказвала, як вяскоўцы ва Усцярхах выжывалі ў той цяжкі час, – падхоплівае размову Марыя Пятроўна. – Ім дапамагаў у тым ліку і лес. Збіралі ягады, складвалі іх у плеценыя з кары корабы, закідвалі за плечы і неслі ў Бабруйск на базар. Пешшу дзень ішлі да Бабруйска, і дзень назад.

У сярэдзіне 1950-х тату Галіны Іванаўны адправілі ў Маскву на курсы, дзе вучыліся будучыя старшыні сельсаветаў.

– Гэта быў прыкладна 1956 год, – кажа субяседніца. – Тую паездку ён запомніў на ўсё жыццё, бо як раз у Маскве праходзіў Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Тата ўвесь час расказваў, як пабачыў (і вельмі блізка) на адным з канцэртаў амерыканскага цемнаскурага спевака Поля Робсана. Вось ён тату вельмі ўразіў.

Успомніла Галіна Іванаўна крыху і сваё дзяцінства ва Усцярхах. Нарадзілася яна ў 1949 годзе. Усяго ў сям’і Гулевічаў было 4 дзяцей, але да дарослага ўзросту дажылі толькі двое.

1950 г.  Маленькая 9-месячная Галя і брат Мікалай з мамай Зінаідай.

– Малодшы брацік нарадзіўся неданошаны (у Глуску ў бальніцы), – кажа Галіна Іванаўна. – Гэта зараз і 500-грамовае немаўля дагледзяць і ў яго будзе шанец выжыць. А ў той час у дзяцей такога шанцу не было. Немаўля загарнулі ў вату і толькі спадзяваліся на Бога… А сястрычка захварэла на пнеўманію. Мама пасадзіла яе на плечы і панесла ў Глуск у бальніцу. Лячылі малечу пеніцылінам, але яго пабочны эфект – дысбактэрыёз. Вось ад гэтага і памерла.

«Знайшлі мяне на абочыне дарогі»

Галіна Іванаўна расказала пра выпадак, які здарыўся, калі ёй было толькі некалькі тыдняў ад роду. Дзяўчынка нарадзілася дома – роды прымала мясцовая павітуха баба Настуля. Усё было добра. І праз некаторы час маленькую Галю павезлі ў Глуск у царкву хрысціць. Справа была ў лістападзе, ужо холадна, снег. Да «хрыста» малечу павезлі толькі будучыя хросныя. Запрэглі каня і паехалі. Зрабілі важную справу і едуць паціху дамоў, дзе чакаў накрыты стол. Спавітае дзіця паклалі на воз ды размаўляюць. На пад’ездзе да Усцярхоў азірнуліся… аж дзіцяці няма на возе.

– Мае хросныя развярнулі каня і хутчэй шукаць прапажу, – расказвае Галіна Іванаўна. – Знайшлі мяне на абочыне дарогі каля Балашэвіч (гэта за некалькі кіламетраў ад Усцярхоў) у снежным сумёце. Пашчасціла, што ні які дзікі звер не трону немаўля. Прывезлі мяне дамоў, маме не расказалі пра гэты выпадак. Але я, паляжаўшы на холадзе, захварэла – паднялася тэмпература. І тады хросніца прызналася… А я яшчэ доўга хварэла, ледзь мама з дапамогаю мясцовага фельчара па прозвішчы Крэпскі, мяне выхадзілі.

Успаміналі мае субяседніцы пра снежныя зімы, калі трактар з трохвугольным адвалам ехаў па вёсцы і ссоўваў снежныя гурбы па баках. А яны такія былі высокія, што дзеці і нават дарослыя лёгка хаваліся за імі.

– Самае памятнае з дзяцінства – першы клас у школе, – кажа Галіна Іванаўна. – Настаўніца Паша Сямёнаўна Шчорс, вучыла мяне, а раней яшчэ маю маму і цёцю. Вельмі любіла яна дысцыпліну.

«Ваша Галя ўтапілася»

Вясковых дзяцей з маленства прывучалі і да дарослай працы.

– Я любіла бялізну ў рацэ мыць, – кажа Галіна Іванаўна. – Аднойчы ўпусціла абрус, які мама вышывала. Ён плыве па рацэ, а я побач па беразе бягу і чуць не плачу. Заскочыла ў ваду, а там глыбіня, я пачала тапіцца. Але абрус трымаю моцна ў руцэ. Неяк змагла зачапіцца другою рукою за асаку і так сама сябе і абрус выратавала. Другі раз патрапіла ў раку і тапілася ўжо ранняй вясною. Мы ішлі са школы і захацелі па лёду на Лісе пакоўзацца. Лёд ужо тонкі, а вопраткі на мне шмат. Добра, што правалілася каля берага, змагла выбрацца сама. Ішлі даяркі і забралі мяне абаграваць на ферму. А маме нехта ўжо далажыў, што «ваша Галя ўтапілася». Яна з крыкам бегла ў вёску з Засценка. Вынікам майго “купання” стала пнеўманія.

І яшчэ пра адзін выпадак, на жаль, трагічны, з свайго пасляваеннага дзяцінства расказала Галіна Іванаўна.

– Мясцовыя хлапчукі знайшлі снарады. Распалілі вогнішча і пакідалі туды іх. Канешне, дзеці загінулі…

«Ведаеце што, Пятро Міронавіч…»

Жыхары некалькіх вёсак Глускага раёна расказвалі, як да іх прыязджаў, а дакладней, прылятаў на верталёце, Пётр Машэраў. Пашчасціла ў 1970-я прымаць высокага госця і ўсцярхоўцам.

– Я бачыла на свае вочы, як яго верталёт садзіўся ў канцы сяла, – успамінае Марыя Пятроўна. – Пятро Міронавіч ляцеў менавіта да нас. На поле побач з Усцярхамі прыбеглі і жыхары Засценка ды людзі з іншых вёсак. Сабраліся, чакаем. Ужо цяпер я ўспамінаю – такога важнага чалавека нават не сустрэлі з хлебам-соллю. А ён выйшаў з верталёта, прывітаўся са ўсімі. Вельмі проста, па-свойску, сябе паводзіў. Распытваў людзей, пра жыццё, ці ёсць якія важныя нявырашаныя пытанні. А мой свёкар яму і кажа: «Ведаеце што, Пятро Міронавіч, у мяне каля хаты пекла – такая лужа, што ні прайсці, ні праехаць». А Машэраў яму адказаў: «Ці ёсць у вас, дзядуля, дзеці? Калі ёсць, дык хай яны тое пекла засыплюць».

Вясковыя святы: кірмаш, выбары, Дзень Перамогі

1970-я. Вясковае застолле. Другая злева партызанка Вольга Зубрыцкая, другая справа Зінаіда Гулевіч.

На Пакрову ва Усцярхах спрадвеку быў кірмаш. Гэта, напэўна, самае любімае свята вяскоўцаў. У той дзень прыязджала ў госці радня з іншых вёсак і гарадоў. Каля кожнай хаты стаялі падводы. Забівалі кабанчыка. Багата накрывалі стол і ставілі самыя лепшыя стравы. Частаваліся, шмат размаўлялі, бо іншы раз з раднёй толькі на такіх святах і сустракаліся. А потым уся вёска выходзіла на вуліцу пець песні.

1970-я. На вясковым застоллі. Злева Ефімья Зубрыцкая і яе суседкі Ганна і Вольга.

– Цікава, што піць дык пілі (самагон уласнай вытворчасці), а вось п’яных не было ў той дзень, – кажа Марыя Пятроўна.

А яшчэ мае субяседніцы, як значнае свята ўспамінаюць… выбары.

1970-я. Сям'я Арсеня Зубрыцкага (ён стаіць у другім радзе ў капелюшы).

– Так, гэты дзень успрымалі ўсе менавіта як свята, – кажуць амаль у адзін голас жанчыны. – Людзі збіраліся: надзявалі самую лепшую адзежу. Потым ішлі ў цэнтр вёскі, дзе ўвесь дзень гучала музыка. Танцавалі. У магазін прывозілі цукеркі ды іншыя прадукты і далікатэсы.

Вельмі любілі і абавязкова адзначалі ва Усцярхах Дзень Перамогі, Новы год, а яшчэ рэлігійныя святы, хоць і забаронена было.

– Тата быў кіраўніком ветэранскай арганізацыі сельсавета, – кажа Галіна Іванаўна Сысой. – І ў 70-80-я гады ветэранаў было шмат. Збіраліся ў Дзень Перамогі, у дзень вызвалення Глускага раёна, каб успомніць мінулае і баявых таварышаў каля мемарыяла загінулым партызанам у Крукаўшчыне.

1980-я. Генерал Уладзімір Гулевіч са школьнікамі ў Засценку Усцярхі.

– А малодшы брат Івана Лявонцевіча Уладзімір, – успамінае Марыя Пятроўна, – ужо ў высокім званні генерала прыязджаў у нашу сельскую школу, сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі, расказваў цікавыя гісторыі свайго жыцця. У мяне нават фотаздымкі захаваліся.

У Маскве ёсць храм – Сабор Уваскрэшання Хрыстова, які ўключае ўнікальны музей «Дарога Памяці», дзе ўвекавечаны мільёны ўдзельнікаў бітваў Вялікай Айчыннай вайны. На вялікім экране з’ўляюцца фотаздымкі герояў і іх біяграфія. Сярод мноства ёсць і фота Івана і Уладзіміра Гулевічаў.

«У склепе заўсёды стаялі бочкі з мочанай капустай, агуркамі»

Ніякіх незвычайных далікатэсаў на сталах усцярхоўцаў раней не было – усё, як і ва ўсіх. Елі бульбу, варылі халоднае, смажылі сала ды пяклі аладкі, запякалі бабку ў печы.

– У нас у склепе, – успамінае Галіна Іванаўна, – заўсёды стаялі бочкі з мочанай капустай, агуркамі, салёнымі грыбамі (зялёнкамі), мочанымі яблыкамі (“Антонаўку” звычайна бралі). Вяскоўцы заўсёды трымалі шмат гусей. Дзеці пасвілі – гэта была іх абавязковая праца. Ганялі на Лісу. Гусі плаваюць і мы купаемся побач.

1960-я. Сям'я Гулевічаў: зверху Іван і маці Фёкла Рыгораўна, ніжні рад: злева Нікіфар, справа Уладзімір, яго жонка Надзея і сын Валерый.

Харчы вяскоўцы захоўвалі круглы год у склепе. Летам туды яшчэ прыносілі лёд. Яго перасыпалі апілкамі, ён так захоўваўся і захоўваў, ахалоджваў харчы.

«З Кляшчоўкі ішлі чалавек трыццаць – ланцужком»

Вясковыя дзеці хадзілі вучыцца ў школу ў Засценак. Драўляную школу, якую пабудавалі ў Засценку Усцярхі ў 1930-я, немцы спалілі. Таму заняткі былі па хатам – сёння ў адной, заўтра ў іншай. Так і хадзілі з хаты ў хату. Потым пабудавалі “новую” – зрабілі яе з трох старых драўляных хатак. Каб зімою дзецям было цёпла – палілі грубкі.

 1970-я. Усцярхоўскія і засценкаўскія дзеці на працы ў калгасе.

– Калі ў пачатку 1970-х зачынілі пачатковыя школы ў Крукаўшчыне і Уюнішчах, вучні адтуль пайшлі ў школу да нас, – кажа Марыя Пятроўна. – Трэба сказаць, шмат было дзяцей. Увогуле, у Засценак да нас у школу хадзілі дзеці з сямі вёсак. Каму тры, а каму і нашмат болей кіламетраў прыходзілася прайсці кожны дзень толькі ў адзін бок. А зімою, як цяжка зімою ім было, асабліва малым. Самі сабе тапталі шлях. Напрыклад, з Кляшчоўкі ішлі чалавек трыццаць – ланцужком, адзін за адным, праз лес, па снегу…

 1960-я. Сям'я Зубрыцкіх: маці Ефім'я, бацька Сідар, дзеці: ззаду стаіць Ніна, злева Люба, на руках у маці Валя, побач Ганна.

Безумоўна, за больш чым 40 гадоў працы ў школе Марыі Пятроўне ёсць кім і ганарыцца – яе вучні сталі медыкамі, настаўнікамі, механізатарамі, ваеннымі ды асвоілі шмат іншых прафесій. А самае галоўнае, сталі добрымі людзьмі. І, трэба сказаць, не забываюць сваю настаўніцу. Напрыклад, на Дзень настаўніка пранеслі прыгожы букет кветак.

– Адзін з маіх вучняў – былы глускі доктар Барыс Саломка, – расказвае Марыя Пятроўна. – А яшчэ цяперашні глускі тэрапеўт Таццяна Паваляева. Мая вучаніца Таццяна Чарнікевіч таксама стала настаўніцай у школе ў Засценку Усцярхі. Вельмі прыемна, калі пра маіх вучняў пішуць у газеце, што яны шчырыя працаўнікі, або мне нехта кажа якія яны добрыя людзі – ганаруся імі.

Вясковае жыццё ў 1970-я

У вёску Усцярхі Марыя Пятроўна прыйшла замуж у 1970-я. На той час у вёсцы пражывала больш за 100 чалавек. У кожнай вясковай хаце было заўсёды шмат дзяцей.

1970-я. Жыхары Усцярхоў на вяселлі  Анатоля Ляха. Справа - Іван Гулевіч.

– Як мінімум па трое, а звычайна 4, 5, а то і 6 дзетак, – расказвае Марыя Пятроўна. – Бацькі выхоўвалі дзяцей у павазе да працы – самі ўпарта працавалі і дзяцей прывучалі. Большасць вяскоўцаў хадзілі на працу ў калгас “Зара Камуны” ў суседнюю вёску Засценак Усцярхі, якая была цэнтрам калгасу. Ну, а раз цэнтр, дык і актыўнае жыццё паступова перамяшчалася сюды, і інфраструктура, канешне ж, будавалася тут. Яшчэ як я прыехала жыць ва Усцярхі, тут была лазня, гандлёвая кропка – невялічкі кіёск. У звычайнай вясковай хаце была нават свая бібліятэка. Працавала там бібліятэкарам Вера Зубрыцкая. Потым бібліятэку перанеслі ў Засценак. Вясковыя жанчыны працавалі на ферме, што знаходзілася побач з нашай вёскай. Было ім вельмі зручна – блізка каля дома. Мужчыны – хто механізатар, хто механік, як мой муж, хто даглядчык… Ну і, безумоўна, у кожнага была свая, звычайна вялікая, гаспадарка.

Цяжка працавалі, але і любілі цікава адпачываць усцярхоўцы. У Засценку быў клуб і самадзейны ансамбль. Як не быць, калі наўкол жанчыны-пявунні жылі галасістыя.

– Нашыя жанчыны пасля працы ды завяршэння хатніх спраў хадзілі ў клуб на рэпетыцыі, – расказвае Марыя Пятроўна. – Рыхтавалі выдатныя канцэрты – разам з сучаснымі, пелі і традыцыйныя старажытныя песні. А калі яны на вуліцы пелі падчас святаў, дык чуваць было нават у суседняй Крукаўшчыне.

 1980-я. Галасістыя вясковыя жанчыны. пяюць на фота: справа Вольга Зубрыцкая, потым Антаніна Уэльская, Аляксандра Гулевіч.

– Мне запомнілася, як жанчыны, што ехалі на кузаве машыны на калгасную працу, напрыклад, грэбці сена, – успамінае Галіна Іванаўна, – заўсёды пелі. Ды так прыгожа, прафесійна – у некалькі галасоў, ды з падгалоскамі. А яшчэ яны былі заўсёды прыгожа адзетыя: белая хустачка, прыгожая чыстая сукенка… Мае бацькі ігралі на струнных інструментах – тата на балалайцы і мандаліне, а мама – на гітары. Ездзілі на конкурсы рознага ўзроўню. Аднойчы быў такі выпадак: канкурэнты перад самым выхадам на сцэну разладзілі інструменты. Тата выйшаў, а іграць немагчыма. Прыйшлося выбачацца перад гледачамі, настройваць інструменты і выходзіць нанова. Часта такія канцэрты для вузкага колу вяскоўцаў устройваліся ў нас дома. Прыходзілі ў хату іншыя музыкі: хто з баянам, хто з гармонікам. А Варенік з Поўсткі іграў на скрыпцы! Гледачамі былі мы, дзеці, ды блізкія суседзі.

Уся вёска – адна вуліца Лясная

На сённяшні дзень у вёсцы на працягу года жывуць 17 чалавек. На вясну, лета, як гэта бывае і ў іншых вёсках, прыязджаюць дачнікі (звычайна, нашчадкі былых жыхароў) і тады вёска ажывае, напаўняецца людскім гоманам, як гэта было калісьці.

З Марыяй Пятроўнай мы прайшлі па вёсцы. А вёска – гэта адна вуліца – Лясная. Мы былі тут у нядзелю, выходны дзень. І трэба сказаць, што на вуліцы сустрэлі людзей (іншы раз можна прайсці па вёсцы і нікога не сустрэць), раз-пораз ехалі машыны.

2025 г. Адзіная вясковая вуліца Лясная.

Усцярхі размешчаны ў добрым для спакойнага адпачынку месцы – побач рака Ліса, ды й да Пцічы не так далёка, ягадна-грыбны лес, свежае і чыстае тут паветра.

– Калісьці, яшчэ ў даваенныя часы, – успамінае Марыя Пятроўна, – улічваючы ўсе станоўчыя для здароўя фактары, у нас тут нават хацелі пабудаваць санаторый. Але нешта не атрымалася і гэта засталося толькі на узроўні ідэі. Таксама засталося ў планах і будаўніцтва чыгункі…

Але, кажа субяседніца, сярод плюсаў вёскі ёсць і некаторы мінус – Усцярхі далёка ад Глуска, далёка ад трасы, таму тут, канешне, зручней жыць, калі ў сям’і ёсць свой транспарт у руках. (Калі што, грамадскі транспарт некалькі разоў на тыдзень з Глуска ў вёску ходзіць.)

Не так даўно ад Засценка да Усцярхоў палажылі новы асфальт – ехаць па ім адна мілата. А вось у самой вёсцы не ўсё так хораша – асфальт там мянялі больш за 30 гадоў назад і праехаць зараз па вуліцы даволі складана.

2025 г. Вясковая вуліца.

Ёсць у вёсцы і закінутыя сядзібы, хоць і хаты стаяць на дварэ вельмі добрыя. Ёсць і дагледжаныя – гэта нашчадкі клапоцяцца. А некаторыя дамы, у якасці дачы, купляюць мінчане.

2025 г. Дзеючы калодзеж у вёсцы.

Гуляючы дайшлі да прыгожага разнога калодзежа. Відаць, што рабілі ўпрыгожанні даўно, але яны яшчэ даволі добра захаваліся. Калодзеж дзеючы – тут жа падышла і жанчына з дзвюма вёдрамі па ваду. Сюды ж да калодзежа прыязджае і аўталаўка. Дарэчы, пакуль гулялі па вуліцы з Марыя Пятроўна, сустрэлі нечаканую дзікую жывёлінку – цераз вуліцу перабягала… амерыканская норка.

2025 г. Аканіцы ў дамах вёскі усцярхі.

А яшчэ ў вясковых хатах вельмі прыгожыя аканіцы. Прычым, амаль у кожнай хаце – свае, асаблівыя, такіх я не бачыла ніколі. Відаць рабіў таленавіты майстар з добрай фантазіяй.

Што яшчэ заўважыла на вясковай вуліцы ва Ўсцярхах – на некаторых участках дрэвы і хмызняк з двух бакоў паціху набліжаюцца адно да аднаго і вуліца становіцца вузкая. На жаль, так заўсёды бывае калі няма гаспадароў і належнага догляду.

У апошнія гады сярод гараджан стала модным пераязджаць жыць у вёску, прычым на сталае пражыванне. І ў гэтай тэндэнцыі ёсць надзея – надзея на адраджэнне, можа быць і Усцярхоў.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара і з асабістых архіваў Галіны Сысой, Марыі Зубрыцкай, Валянціны Зубрыцкай.