Яго тут няма; Ён уваскрос.
Лк 24, 5-6
Гэтыя словы прамовіў анёл да жанчын у вялікодную раніцу. Вестку пра ўваскрашэнне Хрыста перадавалі з вуснаў у вусны жыхары Ерузалема і іншых мясцовасцяў. Дзякуючы першым сведкам пустой грабніцы пра падзеі вялікоднай раніцы даведаліся многія, а сёння ведае ўвесь свет.
Схіляючыся перад веліччу Пасхальнай таямніцы, ад усяго сэрца віншую вас з набліжэннем свята жыцця і надзеі — урачыстасці Змертвыхпаўстання Езуса Хрыста.
Няхай Уваскрослы Хрыстус абдорыць усіх нас сваёй ласкай аддана сведчыць пра Яго ў сучасным свеце. Навучыць разуменню Волі Бога і распаліць імкненне выконваць яе ў жыцці. Дапаможа людзям хворым з трывалаю надзеяй несці цяжкі крыж хваробы. Дадась мужнасці ўсім бацькам у выхаванні дзяцей у адпаведнасці з маральнымі нормамі. Няхай роздум над Пасхальным Трыдыумам пераменіцца ў радасць сэрца і ўсмешку на твары, каб з нашых вуснаў на працягу ўсяго Вялікоднага перыяду ўсе навокал чулі гэты прыгожы вокліч надзеі: «Хрыстос Уваскрос! — Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!»
Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, ксёндз, магістр Юры Быкаў
Расклад святочных набажэнстваў у касцёле
Пасхальны Трыдыум:
• Вялікі чацвер, 20 сакавіка — Імша Вячэры Езуса Хрыста — 18.00
• Вялікая пятніца, 21 сакавіка — Крыжовы шлях — 17.00. Літургія «Мукі Хрыста» — 18.00
• Вялікая субота, 22 сакавіка — Пасхальная Вігілія — 22.00
• Вялікодная нядзеля, 23 сакавіка — Урачыстасць Змертвыхпаўстання Хрыста. 7.00 — рэзурэкцыйная працэсія і Святая Імша. 9.00 — Святая Імша.
• Панядзелак у актаве Вялікадня, 24 сакавіка — Святая Імша — 18.00
(Пасвячэнне страваў на вялікодны стол адбудзецца ў суботу а 12, 13, 14 і а 15 гадзінах, пасля Пасхальнай Вігіліі і пасля нядзельных імшаў).