…У баі вялікім смерць жыццё сустрэла.

Хоць памёр, усё ж Ён валадарыць смела.

— Адкажы, Марыя, што было ў дарозе?

— Уваскрос, жывы Ён, годзе быць трывозе.

Калі мы чуем гэтыя словы, перажываючы Пасхальныя таямніцы, агарняе нас радасць і надзея. Усё гэта прымушае нас да задумы над сабою, мы пытаемся ў сябе: хто я? Адкуль паходжу? Куды іду? Ці за лініяй невядомага нам гарызонту чакае нас нейкая будучыня? Так пытаемся мы, якія жывём на беларускай зямлі.

Сёння Бог, Айцец Дабрыні, пачуў голас Свайго народу, зноў надыйшоў час адраджэння, адновы жыцця. Зноў усё пачынае жыць, трыумфуе праўда Хрыстовага Уваскрашэння.

Жыццё мацнейшае за смерць, Бога не можна выкінуць з жыцця людзей. Можна Яго пакласці ў гроб, заваліць камнем бязвер’я, нават забыцца. Ён трэцяга дня ўваскрэсне! Для хрысціянаў у гэтым заключаецца сэнс усяго жыцця: «…Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное»… (Клс. 3, 1–2)

І ў гэтыя пасхальныя дні нам трэба ізноў адшукаць сэнс уласнага жыцця і распачаць перажываць яго з новым смакам.

На гэтае Радаснае свята Пасхальнай Ахвяры, улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры, перасылаю вам моц сардэчных віншаванняў і жадаю нанова паўстаць з мёртвых разам з Уваскрослым Хрыстом.

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Андрэй ЯРКАВЕЦ, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, ксёндз-канонік, дэкан Бабруйскага дэканата

Расклад святочных набажэнстваў у касцёле:

Вялікі чацвер, 1 красавіка, — Імша Вячэры Панскай — 19.00

Вялікая пятніца, 2 красавіка, — Літургія Мукі Хрыста — 19.00

Вялікая субота, 3 красавіка, — Пасхальная Вігілія — 21.00 (пад кіраўніцтвам біскупскага вікарыя Магілёўскага рэгіёна біскупа Аляксандра Яшэўскага, SDB)

Вялікодная нядзеля, 4 красавіка, — урачыстасць Уваскрасення Хрыста — 7.00 (пад кіраўніцтвам біскупскага вікарыя Магілёўскага рэгіёна біскупа Аляксандра Яшэўскага, SDB), 17.30

Пасвячэнне страў на вялікодны стол адбудзецца ў суботу, 3 красавіка, — 10.00, 12.00, 14.00.