Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, а таксама ўсе людзі добрай волі, Хрыстус Уваскрос — сапраўды Уваскрос!

Гэтым пасхальным воклічам сардэчна вітае ўсіх вас арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і я, далучаючыся да ягоных словаў, віншую з радасным і збаўчым, самым вялікім і найбольш важным хрысціянскім святам Уваскрашэння Хрыста! Гэтае свята мы адзначаем з радасцю, бо праўда пра Уваскрашэнне дае надзею і падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях. Яна таксама нагадвае нам, што варта жыць, бо перад намі перспектыва шчаслівай вечнасці.

Напэўна, усім нам вядома грэчаская паэма пра легендарную птушку фенікс. Прадбачачы сваю смерць, яна з галінак пахучага дрэва звіла сабе гняздо, у якім згарэла. Аднак з попелу, што застаўся пасля яе, вылецела новая птушка. Адсюль і паходзіць выраз «адрадзіцца, як фенікс з попелу».

Такім чынам, фенікс сімвалізуе несмяротнасць, уваскрашэнне і жыццё пасля смерці. Таму ў гэтым вобразе вельмі добра бачна велікоднае пасланне, бо Езус аддаў сваё жыццё за збаўленне свету і на трэці дзень уваскрос. У Ім новае жыццё паўстала з попелу смерці.

Сёння мы адзначаем перамогу Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Гэтая перамога з’яўляецца дарам вечнага жыцця для веруючых у Езуса. Менавіта таму фенікс — адзін з самых ранніх сімвалаў уваскрослага Хрыста.

Няхай Уваскрослы Езус Хрыстус напоўніць вашыя сэрцы радасцю і супакоем, а таксама дасць і ўмацуе вашае фізічнае і духоўнае здароўе, якое дапаможа вам ў сведчанні аб праўдзе Змертвыхпаўстаня ў штодзённым жыцці.

Ксёндз Андрэй ЯРКАВЕЦ, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Бабруйску

Расклад набажэнстваў у бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на святы Пасхальны Трыдыум (вул. Кастрычніцкая, 121)

2 красавіка, Вялікі Чацвер: св. імша на ўспамін устанаўлення Эўхарыстыі і святарства — 19.00;

3 красавіка, Вялікая Пятніца, Мукі Пана: Крыжовы шлях — 18.00, літургія пакланення святому Крыжу — 19.00;

4 красавіка, Вялікая Субота: святая Велікодная вігілія — 21.00;

5 красавіка, Нядзеля Уваскрашэння Пана, Вялікдзень — рэзурэкцыйная працэсія і ўрачыстая святая імша — 7.00;

12 красавіка — тэатралізаваная містэрыя «Таямніца Эўхарыстыі» ў выкананні парафіяльнай моладзі — 20.00.

Благаслаўленне велікодных страваў: суббота — 12.00, 13.00, а таксама пасля кожнай святой імшы ў суботу і нядзелю.