Няхай гэтая Пасхальная радасць адгукнецца ў сэрцы кожнага, хто адказвае з вялікай пашанай на гэты радасны вокліч!

Гэта ўрачыстасць Перамогі Езуса, у якой Ён нам дае ўдзел, дык скарыстайма ж яе ў сваіх штодзённых змаганнях з клопатамі, цяжкасцямі і непаразуменнямі, якія ўзнікаюць на жыццёвым шляху. А святочны стол з вялікоднымі стравамі і чырвонымі яйкамі няхай нас яшчэ больш з’яднае паміж сабою і дапоўніць надзеяй, якой так часта не хапае ў шэрай паўсядзённасці. Няхай супакой Хрыстовы пранікне ў нашыя светлыя памкненні ў будучых стараннях, каб мы, дбаючы аб здароўі фізічным, не забываліся і аб духоўным.

Марыя — Маці Міласэрнасці, атуляй жа нас, Сваіх дзетак, плашчом апекі і абароны ад ліхоцяў духа злога, якога Твой Сын, а наш Пан Езус Хрыстус, перамог!

Ксёндз Андрэй Яркавец, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску