Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце, Усе людзі добрай волі!

З нагоды Светлай Урачыстасці Нараджэння Хрыстова хацелася б узгадаць словы анёлаў, якія ў Віфлееме запрасілі першымі прыйсці і пакланіцца пастухоў — звычайных працавітых людзей, і ў маленькім Дзіцятку распазнаць Самога Месію. А гэтыя словы такія: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Гэты заклік гучыць і ў сённяшнія часы. Хто яго пачуе, той знойдзе дарогу да Хрыста, кіруючыся Віфлеемскай зоркай.

Няхай жа агонь, запалены ад Віфлеемскай лампады, які расходзіцца ў гэты час па ўсіх краінах, у тым ліку і нашай, асвеціць нам гэты шлях і сагрэе нашыя сэрцы, каб яны сталіся больш міласэрнымі да сваіх бліжніх, якіх сустракаем, вандруючы па гэтай зямлі.

Жадаю вам, дарагія, адчуць сямейную атмасферу гэтых святаў, а калі хто будзе перажываць іх у адзіноце, хай ведае, што ў малітве мы ўсе разам заўсёды духоўна яднаемся. І нават калі цярпенне ці хвароба нас прыгнятае, Хрыстус прыходзіць, каб нас суцешыць і даць надзею.

Здароўя, шчасця, жыцця ў Богу і з Богам, паразумення і згоды, каб з кожнага любячага сэрца загучала і ў гэтым надыходзячым годзе: «Езус, давяраю Табе!»

Ксёндз Андрэй Яркавец, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску

Расклад святочных набажэнстваў

24 снежня, чацвер

21.00 — святочная батлейка з удзелам дзяцей і моладзі,

22.00 — Святая імша Пастэрка.

25 снежня, пятніца

9.00, 11.00 — Святая імша.

26 снежня, субота

18.00 — Святая імша.

27 снежня, нядзеля, урачыстасць Святой Сям’і з Назарэту

9.00, 11.00, 17.00 — Святая імша.

Запрашаюцца сем’і з усёй парафіі.