Умілаваныя ў народжаным Збаўцы браты і сёстры! Ад шчырага сэрца віншую вас са святам Божага Нараджэння!
Гэтая ўрачыстасць распавядае нам пра рэальнасць уваходжання Бога ў гісторыю чалавека і пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якім чалавек жыве. Праз гэтае ўваходжанне Сын Божы асвяціў і ўзвысіў да збавеннай годнасці жыццё кожнага з нас.
Прарок Ісая пераносіць нас у атмасферу чакання прыйсця Хрыста сцвярджэннем, што «ідзе Збаўленне» (Іс. 62,11). «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло (...). Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, спрадвечны Айцец, Князь супакою» (Іс. 9, 2.6). І гэтымі словамі прарок яшчэ раз нагадвае нам аб патрэбе абвяшчэння праўды Евангелля, абароны маральных каштоўнасцяў з мэтай стварэння цывілізацыі любові і пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, ўзаемнай любові, справядлівасці і абяцаным Збаўцам супакоі.
Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасці і сілаў перанесці на ўсе дні вашага жыцця атмасферу гэтага свята, атмасферу любові, супакою і адзінства. Радасці і шчодрага Божага благаслаўлення вам як на свята Божага Нараджэння, так і на ўвесь надыходзячы 2009 год!
Юры БЫКАЎ, пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, ксёндз-магістр