Паважаныя чытачы!
Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Вялікдзень — гэта наша супольнае хрысціянскае свята. Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Змёртвыхпаўстаннем збавіў людзей — і таму гэта радасць нас усіх аб’ядноўвае.
Бог прынёс цэламу свету надзею на лепшае, больш людскае жыццё на зямлі і на вечнае шчасце ў небе. Сучасны свет і зараз патрабуе гэтай радаснай весткі. Сёння існуе так шмат праблемаў, якія чалавек сам, сваімі сіламі, не ў стане вырашыць. Ён патрабуе дапамогі Змёртвыхпаўсталага Езуса. А Хрыстус чакае чалавека, яго малітвы, жадання размаўляць з Богам.
Жадаю ўсім вам заўсёды адчуваць падтрымку Змёртвыхпаўсталага Хрыста, жыць у так патрэбнай нам Божай Ласцы, не губляць надзею і адчуваць шчасце. Няхай радаснае «Аллелюя» загучыць у вашых сэрцах і няхай адорыць кожнага чалавека новым жыццём у Хрысце!
Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз Юры БЫКАЎ
Расклад святочных набажэнстваў у касцёле
Пасхальны Трыдыум:
Вялікі чацвер, 28 сакавіка, 18.00 — Імша Вячэры Езуса Хрыста.
Вялікая пятніца, 29 сакавіка, 18.00 — Крыжовы шлях, 19.00 — літургія «Мукі Хрыста».
Вялікая субота, 30 сакавіка, 22.00 — Пасхальная Вігілія, святая Імша.
Вялікодная нядзеля, 31 сакавіка, 7.00 — Ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста, рэзурэкцыйная працэсія і святая Імша.
Панядзелак у актаве Вялікадня, 1 красавіка, 18.00 — святая Імша.
Пасвячэнне страваў на вялікодны стол адбудзецца ў суботу а 12, 13, 14 і а 15 гадзінах.