«Слова сталася Целам і пасялілася між намі».Шаноўныя браты і сёстры! Гэтымі словамі з пралогу Евангелля паводле святога Яна сардэчна віншую вас са збаўчай урачыстасцю нараджэння Хрыста, якую Божы Провід дазваляе нам святкаваць у чарговы раз.

Бог у чалавечым вобразе прыйшоў да нас, каб быць адным з нас. Ён з’явіўся перад намі з чалавечым абліччам і сэрцам, каб падзяліць нашыя цяжкасці, павялічыць радасць і, самае галоўнае, збавіць нас. З гэтага моманту злу, якім бы моцным яно ні з’яўлялася, ужо не належыць апошняе слова. Яно належыць Хрысту, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём; Хрысту, які ўсталёўвае дабро і цывілізацыю любові і жыцця.

Божае Нараджэнне 2017 года Пана мы адзначаем у год 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай ў Фаціме. Як больш за дзве тысячы гадоў таму Марыя дала свету Збаўцу, нарадзіўшы Яго ў бэтлеемскай стаенцы, так і ў фацімскай таямніцы людзі атрымалі новую надзею на духоўнае адрадджэнне. Ад усяго сэрца жадаю, каб словы прывітання Анёла Габрыэля, з якімі ён звярнуўся да Марыі ў момант Звеставання, знайшлі водгук у вашых сэрцах і натхнілі вас весці жыццё па прыкладзе Марыі, асабліва ў паслухмянасці волі Божай і ў служэнні бліжнім. Тады Хрыстус праз сваю ласку сапраўды будзе нараджацца ў вашых сэрцах, і яны стануць Бэтлеемам ХХІ стгоддзя.

Святочнай радасці, міру, спакою, дабрабыту і шчодрых ласкаў ад народжанага Боскага Дзіцяці і Яго благаслаўлення на ўвесь калядны час і ў новым 2018 годдзе ўсім вам, браты і сёстры!

З павагай, ксёндз-дэкан Андрэй Яркавец, пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску

 

Расклад святочных Імшаў на Божае Нараджэнне ў Бабруйску:

24 снежня, нядзеля – 21.00 – пастаноўка, падрыхтаваная дзецьмі з нагоды Нараджэння Пана

24 снежня, нядзеля – прыблізна а 22.00 – Вігілія Нараджэння Пана

25 снежня, панядзелак  – 10.00 – Урачыстасць Нараджэння Пана