Ад бабуліных ручнікоў да пасагу для ўнучкі – у доме Галіны Гембіцкай кожная нітка вышытая з любоўю. Тут вышыўка стала сямейнай мовай, якая аб’ядноўвае пакаленні.

Як толькі я пераступіла парог хаты жыхаркі вёскі Балашэвічы Глускага раёна Галіны Васільеўны Гембіцкай, здалося, што апынулася ў музеі вышыўкі.

Снежань 2025 г. Жыхарка вёскі Балашэвічы Глускага раёна Галіна Васільеўна Гембіцкая і яе вышываныя работы.

А вышыўка тут паўсюль: на канапе вышываныя падушкі розных памераў і з рознымі ўзорамі. На стале вышываны абрус і нават на вокнах вышываныя шторы. Галіна Васільеўна кажа, што рыхтавалася да нашага прыезду і дастала, каб паказаць толькі невялікую частку сваіх рукадзельных твораў, бо усё, што ёсць, што зроблена за жыццё не памесціцца, калі разлажыць і ва ўсёй хаце.

 Снежань 2025 г. Жыхарка вёскі Балашэвічы Глускага раёна Галіна Васільеўна Гембіцкая і яе вышываныя работы.

Вышывае наша гераіня з 14 гадоў. Навучылася ад мамы ды ад жанчын, якія прыходзілі ў іх хату на вячоркі. У Галіны Васільеўны захаваліся посцілкі, ручнікі, што рабіла і упрыгожвала яе мама. І ёсць вельмі стары, больш чым 100-гадовы ручнік бабулі. Лён на ручніку стаў за гэты час не тое што мяккі, а нават танюсенькі. Бачна, што ім карысталіся, а зараз гэта ўжо сямейная рэліквія.

Снежань 2025 г. Старыя ручнікі, якія рабіла бабуля Галіны Васільеўны Гембіцкай.

Вышывае, толькі крыжыкам, зараз і дачка Галіны Васільеўны, і яе прыгожыя работы на абразах ды ўпрыгожваюць бацькоўскую хату.

Снежань 2025 г. Ручнік на абразу вышывала дачка Галіны Васільеўны.

Наша гераіня цяпер рэдка карыстаецца гатовымі ўзорамі з часопісаў або інтэрнэту, яна прыдумвае іх сама, такія, як ёй падабаюцца і да якіх ляжыць душа ў канкрэтны момант жыцця.

Снежань 2025 г. Вышыўка Галіны Васільеўны.

Для сваёй ужо дарослай унучкі, Галіна Васільеўна, гатуе пасаг – вясельны ручнік пашыла ды вышыла, завяла гусей ды падушак нарабіла, а навалачкі да іх вышыла прыгожымі ўзорамі.

Снежань 2025 г. Вышыўка Галіны Васільеўны.

Сёння ручная вышыўка зноў на хвалі папулярнасці. Людзі ўсё часцей цягнуцца да рэчаў, у якіх адчуваецца жывое цяпло рук, індывідуальнасць і душа майстра. У модзе – натуральныя матэрыялы, і ўнікальныя дэталі, якіх не знойдзеш у крамах. Таму работы нашай гераіні трапляюць у самы цэнтр сучасных тэндэнцый: яны не проста прыгожыя, а напоўненыя характарам, гісторыяй і тым асаблівым настроем, які можа стварыць толькі чалавек, што любіць сваю справу.

Снежань 2025 г. Вышыўка Галіны Васільеўны.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фота аўтара.