У бабруйскім касцёле адзначылі «тытульнае» свята – Дзень беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі. Даведалiся пра ход перарэгістрацыі бабруйскай парафіі і перадачы ёй будынку касцёла ў бязвыплатнае карыстанне.
Каталіцкі касцёл вызнае не толькі беззаганнае зачацце Ісуса Хрыста, але і ягонай маці, Багародзіцы Панны Марыі. Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX 8 снежня 1854 года. У адпаведным Апостальскім лісце сказана: «Каталіцкі Касцёл (...) рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы(...). Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце». З таго часу кожнага 8 снежня ў каталікоў свята. Калі дзень выпадае на нядзелю, тым больш што цяпер Адвэнт, тады адзначаецца вакол гэтай даты. Вось у Бабруйску сёлета адзначылі ў панядзелак 9 снежня.
Бабруйскі касцёл ад сваёй пабудовы ў 1906-м годзе названы ў гонар Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі, таму гэтае свята для яго асаблівае. Адзначыць яго да ксяндза вікарыя Канстанціна Карака і новага ксяндза пробашча Андрэя Таўрука прыехаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. І, вядома ж, на ўрачыстую службу сабраліся шматлікія для панядзелка бабруйчане.
Галоўнае пытанне, якое цікавіла вернікаў і ў гэты святочны дзень – што чуваць з вяртаннем будынку касцёла, які быў забраны ў гады зацятай барацьбы СССР з рэлігіяй, у 1960-я часткова разбураны, у 1990-я зноў адчынены, але дадзены вернікам толькі ў арэнду. Пасля ліквідацыі будаўнічага трэсту будынак застаецца ва ўласнасці горада, аплату парафіі за карыстанне будынкам касцёла не налічалі.
У студзені 2023-га выканкам Ленінскага раёну прыняў пастанову, што касцёл мусіць аплочваць арэнду сваіх памяшканняў – гэтак была запушчаная працэдура далейшай перадачы будынку вернікам у бязвыплатнае карыстанне. «Каб перадаць будынак ва ўласнасць касцёлу, трэба, каб перад тым аплочвалася ягоная арэнда», – тлумачыў нам пробашч касцёла ў той час, ксёндз канонік Андрэй Яркавец. Меркавалася, што аплата арэнды будзе ісці палову года – але ўжо прайшло два гады, працэс перадачы будынку ўсё яшчэ цягнецца на ўзроўні значна вышэйшым за гарадзкія ўлады. Гэтак жа не завершана перадача вернікам катэдральнага касцёлу ў Магілёве.
– Каталікі моляцца за хутчэйшае вяртанне ва ўласнасць касцёла гэтых святынь, што будавалі нашыя продкі, аднаўлялі цяперашнія пакаленні і пра якія будуць дбаць наступныя, – сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. – Спадзяемся, што нашыя намаганні па вяртанні святынь атрымаюць добразычлівы водгук і рашэнне аб іх перадачы.Таксама цяпер ідзе перарэгістрацыя рэлігійных аб'яднанняў, у тым ліку каталіцкіх парафій, адпаведна новаму закону аб рэлігійнай дзейнасці. Завяршыцца яна мусіць да вясны 2025 года.
– Для рэгістрацыі парафіі патрэбныя 20 "заснавальнікаў" з прыхаджан, якія будуць ухваленыя ўладамі, – патлумачыў нам ксёндз Андрэй Таўрук. – А гэта не так проста. Напрыклад, пенсіянераў падаваць як заснавальнікаў можа быць вельмі нязручна – калі потым хто з іх пераселіцца ў іншы горад ці ў лепшы свет, трэба будзе зноў збіраць сход, выбіраць новага чалавека на замену і зноў падаваць паперы ў выканкам. Таму лепш знайсці маладых, сярэдняга веку. Шукаем.
– Хочацца папрасіць праз рукі Панны Марыі, каб Бог блаславіў вашага новага пробашча і вашую парафію, – сказаў пад час урачыстай службы біскуп Аляксандр Яшэўскі. – І каб гэты Дом Божы быў вернуты вернікам, каб мы зноў мелі яго ва ўласнасці.
Агулам жа служба, як і належыла, была прысвечаная Панне Марыі і наогул ролі жанчын.
– Трэба, каб мы на ўзор Багародзіцы таксама любілі Ісуса, любілі Бога і людзей, нягледзячы на ўсе праблемы і спакусы свету, – сказаў ксёндз Андрэй Таўрук.
– Злы дух вядзе з Богам барацьбу за чалавека, – распавядаў біскуп Яшэўскі. – І калі ён спакусіў Адама і Еву, так што яны сталі саромецца Бога, Адам перавёў віну на жанчыну: «Гэта яна дала мне яблык!». Ці не ўзгадваеце вы падобныя сітуацыі са свайго жыцця, калі хацелася не прызнаваць сваёй віны, а спіхнуць яе на іншага?
– Пасля гэткага граху Бог не змог трываць людзей у раі. Але потым знайшоў чыстую дзяўчыну, якая прынясе свету Збаўцу. І заўважце, як паказаная сцэна Звеставання на барэльефе ў вашым касцёле: анёл стаіць на каленях перад Марыяй! «Вітаю, Марыя, поўная ласкі!» І ўвесь свет чакае ейнага адказу.
Мы прызнаем, што Марыя і нашая маці, і імкнемся быць да яе падобнымі.
Дзяніс НОСАЎ. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ